Фальклорнае свята "Прыйшла Каляда!"

18.01.2024

   Сёння ў нашым дзіцячым садку прайшлі Калядкі. Гэта народнае свята раней у вёсках было традыцыйным. Збіралася моладзь і хадзіла па хатах, жартавалі, песні спявалі, калядавалі ды гаспадароў забаўлялi. Вось і ў нашым дзiцячым садку прайшло такое свята. У выхаванцаў была магчымасць сустрэцца з фальклорнымі героямі: гаспадыняй, гаспадаром, казой, мядзведзем, цыганкай, калядоўшчыкамі, пагутарыць, паспяваць на роднай мове, пайграць на народных музычных iнструментах, пагуляць у абрадавыя гульні, сустрэцца з цудам.

   Мядзведзь паказваў, як ён харчуецца зiмой, як ласавiцца мядком, як гаспадыня цеста месіць, пазабавiў гасцей танцам. Цыганка танцавала ды гаспадарам варажыла. А каза-дзераза пужала, рожкамі бадала! Ды нікога не спужала, нікога не забадала. А вось сама не ўтрымалася і нарэшце ўпала, напэўна стамілася. А потым ўстала ды пачастункаў запатрабавала. Вось як бывае! Цікава атрымалася! Дзеці былі ўражаны!

  Гэта народнае свята дапамагае нам выхоўваць духоўнасць, цікавасць да нацыянальнай культуры і гісторыі.